Лепшыя
жанчыны, якія змяняюць Беларусь

Галоўная Праглядзець усе Пра “Ідэю”

Размовы пра жанчын у беларускім грамадстве звычайна праходзяць горача. Адны перакананыя, што з правамі жанчын усё добра. Іншыя наадварот упэўненыя, што Беларусь стаіць толькі ў пачатку шляху да гендарнай роўнасці. Частка ўвогуле верыць, што роля жанчыны – гэта гатаваць суп.

Мы знаёмім вас з гераінямі, якім не сядзіцца на кухні. Яны найлепшыя ў сваёй справе і іх прыклад паказвае: шлях наверх цяжкі, але межаў няма. Ты можаш паляпшаць жыццё раварыстам з усёй краіны альбо весці міжнародны навукаёмісты бізнес. Вырашаць табе!

Людміла Антонаўская

Людміла Антонаўская

Пра бізнес

Я займаюся адразу некалькімі бізнес-праектамі. Адзін – з маленькіх і цікавых: праектаванне энергаэфектыўных будынкаў. Гэта новая і дастаткова цікавая тэма для Беларусі.

У міжнародным бізнесе мы займаемся распрацоўкай, вытворчасцю і продажам прыладаў радыяцыйнага кантролю. Кампанія існуе ўжо 26 гадоў, уваходзім цяпер у чацвёрку сусветных лідараў.

Таксама я была ініцыятаркай стварэння Асацыяцыі прыборабудаўнікоў. Цяпер я з’яўляюся старшынёю рады. Сумеснымі намаганнямі спрабуем развіваць гэтую галіну ў Беларусі.

Пра матывацыю

Мяне матывуе пачуццё адказнасці і сіла волі. Я адчуваю адказнасць перад усімі супрацоўнікамі кампаніі, якім ствараю ўмовы для творчай самарэалізацыі. І пры гэтым яны зарабляюць на жыццё.

Мне падабаецца, што робяць мае кампаніі: Polimaster шмат каму ратуе жыццё і здароўе. Іншы бізнес – “Тытан Праект” – праз праектаванне будынкаў ратуе планету.

Пра ўдзел у праекце ЕС і ЕБРР

Разам з кансультантам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця мы распрацоўвалі місію кампаніі, бачанне і доўгатэрміновы план. Гэты двухгадовы праект атрымаўся даволі насычаным і складаным, але дзякуючы яму мы шмат чаго асэнсавалі, ён сфармаваў дакладнае бачанне мэтаў, даў разуменне, што кампанія робіць, а што – не.

Не бойцеся няўдач! Няўдачы паказваюць толькі тое, што вы перасягнулі свае магчымасці.

Пра гендарную роўнасць

Дэ-факта, пры менталітэце, які склаўся ў нашым грамадстве, жанчыны нясуць вялікую сацыяльную нагрузку. Калі жанчына хоча рэалізавацца ў бізнесе, ёй прыходзіцца жыць як бы два жыцці: быць яшчэ маці і ахоўніцай хатняга ачага, пры гэтым ведучы сваю справу і нешта ствараючы.


Таму жанчын у бізнесе, у іншых актыўных сферах не так і шмат. Ім рана ці позна прыходзіцца абіраць, дзе яна. Калі б нашая культура была бліжэй да шведскай ці нарвежскай, жанчыны былі б больш самарэалізаванымі. Кваліфікацыі і адукацыі нашым жанчынам хапае!

Яўгенія Дубяшчук

Людміла Антонаўская

Пра “Фіяльту”

Я перакладчыца і па прафесіі працую ў невялікім выдавецтве. Нефармальна я таксама ўзначальваю прыўкрасную “Фіяльту” – мы працуем для беларускай моладзі. 
Арганізацыі ўжо 23 гады, і ёсць цэлыя пакаленні людзей, якія на грамадскіх пачатках працуюць дзеля агульных каштоўнасцяў. З гэтымі людзі можна ў любы момант параіцца, запытацца, як усё пачалося і як было раней.

Прыемна, што бацькі падтрымліваюць усё, што звязана з “Фіяльтай”. Хаця спачатку было цяжка растлумачыць, што мы робім, наколькі гэта легальна.


Удзел у праекце Еўрапейскай валанцёрскай службы даў мне магчымасць зразумець, што маленькія рэчы, якія падаюцца табе нязначнымі, у выніку прыводзяць да чагосьці большага, чаго ты і не чакаў. Гэта матывуе прысвячаць час “Фіяльце”.

Пра ўдзел у Erasmus+

Калі ты жывеш з прадстаўнікамі чатырох розных культур, вымушана з імі размаўляць 24/7 – гэта напачатку выклікае кагнітыўны дысананс, а потым ты пачынаеш усведамляць, наколькі рознымі бываюць людзі і іх светапогляды.

Я лепш пазнала сябе, асабліва ў крытычных сітуацыях. Часам пачынаеш разумець, што ты не такая малайчына, як лічыла. Варта прайсці праз такія выпрабаванні, даведацца пра свае адмоўныя бакі. Так пачнеш больш правільна сябе ацэньваць, станеш больш эфектыўным у сям’і, з сябрамі і калегамі. Гэта дае больш талерантнасці, адкрытасці да кампрамісаў, змяншае катэгарычнасць.

Вы нашмат мацнейшыя і куды больш здатныя, чым думаеце.

Пра сямейны гвалт

У нашых мужчын ёсць адчуванне, што яны мужы, што яны могуць біць жанчын, “ёсць за што”. У нашу свядомасць з дзяцінства закладваюцца гэтыя сузалежныя адносіны з мужчынамі. Вельмі добра гэта бачна ў каментарах у інтэрнэце. Не разумею, як людзі жывуць з такім стаўленнем. Гэта трэба выкараняць, неабходна, мабыць, праводзіць шырокую кампанію.

Настасся Янчэўская

Людміла Антонаўская

Пра роварнае таварыства

Цяпер мы працуем над вялікім праектам па развіцці роварнага руху ў Беларусі, які падтрымаў ЕС. Гэта дало нам магчымасць выйсці за межы Мінска і працаваць з рэгіянальнымі супольнасцямі.

Раней мы былі адзінкавымі актывістамі, а цяпер у нас вялікая каманда з дзевяці чалавек. Мы вучымся менеджменту, эфектыўнаму наладжванню камунікацыі ды партнёрскіх сувязяў.

Больш за ўсё мне падабаецца, што ў праекце мы ствараем нефармальную сетку роварных ініцыятыў Беларусі. Прыемна, калі раптам аказваецца: не ты адзін хвалюешся за роварны рух у краіне, а нас ужо 50 чалавек. Вельмі крута атрымліваць зваротную сувязь, бачыць, як у людзей загараюцца вочы.

Я скачу вышэй галавы. Вучу тое, што заўсёды падавалася непатрэбным. Шмат задавальнення атрымліваю ад магчымасці дзяліцца вопытам і ведамі. Прыемна бачыць, што расцеш не толькі ты, але і людзі вакол.

Бацькі заўсёды падтрымлівалі мой выбар і паўтаралі: “Насця, рабі, ты малайчына!” Цяпер яны часцей кажуць, што бачылі мяне па тэлевізары ці чулі па радыё.

Няма розніцы, хлопчык ты ці дзяўчынка. Ты проста можаш узяць і зрабіць усё, што заўгодна.

Чым раней пачнуцца выпрабаванні, тым шчаслівей складзецца жыццё. Цягам жыцця ты будзеш рабіць памылкі. Але так файна, што мы складаемся з памылак, якія ў выніку аказваюцца правільнымі

Пра жанчын на ровары

Тое, што ў нас на ровары катаюцца пераважна мужчыны, – гэта паказнік кепскага развіцця інфраструктуры. У Заходняй Еўропе, дзе іншыя паказнікі бяспекі і камфорту інфраструктуры, колькасць мужчын і жанчын сярод раварыстаў амаль аднолькавая.

У нас жанчын-раварыстак будзе 10 %, а то і менш. Але пару гадоў было яшчэ горш. Калі я села на ровар, у Мінску былі 2 жанчыны-раварысткі на 300 мужчын.

Маргарыта Лазарэнкава

Людміла Антонаўская

Пра крэатыў і Беларусь

Мы нядаўна арганізоўвалі курсы па крэатыўным бізнесе. Падалі заяўкі больш за 150 чалавек, пры тым, што мы маглі адабраць толькі 25 удзельнікаў. Я была вельмі ўсцешаная, што прыйшло так шмат заявак, гатова была звар’яцець, бо заяўкі былі класныя.

Людзі ў Беларусі не ведаюць, што такое крэатыўны бізнес і крэатыўная эканоміка. Гэта нармальна, розныя класіфікацыі існуюць нават у Вялікабрытаніі і іншых краінах ЕС. У нас, калі чуюць пра “крэатыўны бізнес”, то ўяўляюць проста нешта новае і моднае.

Пра працу

Адзін дзень я магу быць дызайнеркай, другі – капірайтарам, трэці – рабіць сайт, а чацвёрты – рыхтаваць партнёрскае пагадненне ці падатковую дэкларацыю. Жыццё атрымалася такім, што кожны дзень я абіраю новую прафесію.

Першыя два гады бацькі пыталіся, калі я знайду працу. Цяпер жа я ім скідваю артыкулы са СМІ, каб яны разумелі, чым я займаюся.

Я сапраўдная “factory girl” – маці ў мяне працуе інжынерам на заводзе, а бацька – намеснік кіраўніка аддзела таксама на заводзе, хоць і на іншым. Для іх крэатыўныя індустрыі – гэта вельмі далёка.

Мы адкрылі Creative Belarus на хвалі ўзнікнення падобных арганізацый па ўсім свеце: Эстоніі, Грузіі, Шатландыі. Мяне вельмі натхняе, якіх вынікаў яны дасягнулі ў сваіх краінах. Там аб крэатыўных індустрыях кажуць на дзяржаўным узроўні, калі міністэрствы культуры супрацоўнічаюць з міністэрствамі эканомікі. У гэтыя працэсы ўцягваецца разумная моладзь, якая застаецца ў сябе дома, а не з’язджае. Хочацца нешта падобнае стварыць і ў Беларусі.

У межах Праграмы ЕС і Усходняга партнёрства “Культура і крэатыўнасць” мы рыхтавалі форум Create IT. Для мяне гэта быў цэлы год, калі я магла папрацаваць у міжнароднай камандзе. Гэта было незвычайна крута. У мяне змяніўся падыход да пазіцыянавання краіны на мапе Еўропы.

Трэба быць байцом, каб чагосьці дасягнуць. Як бы кепска табе не было.

Пра жанчын у стартапах

Аднойчы мы паехалі ў Рыгу на адборачны тур для стартапаў. Якое ж было маё здзіўленне, калі сярод прадстаўнікоў 11 каманд-пераможцаў я была адзінай дзяўчынай. Тады я зразумела, што рухі за роўнасць і праграмы пра жаночае лідарства, як, напрыклад, Women in Tech, – гэта не проста гісторыя пра гранты. Я рэальна аказалася ў атачэнні, дзе вакол толькі адныя хлопчыкі, і гэта праблема не толькі для Беларусі.

Аднак у крэатыўных агенцтвах няма роўнасці з хлопцамі. Мы тут рулім. У нас выступаў Дзяніс Чырка. Ён кажа: я змагаюся за правы мужчын, у нас у офісе 20 % мужчын і 80 % жанчын. І такая сітуацыя ў шматлікіх крэатыўных агенцтвах. Гэта жаночае царства.

Аляксандра Чычыкава

Людміла Антонаўская

Я з 2016 года з’яўляюся місіянерам на інвалідным вазку, займаюся іншай грамадскай дзейнасцю. Займаюся прасоўваннем актыўнага ладу жыцця людзей з інваліднасцю.

Пра ўдзел у конкурсе “Міс свету на вазку”

Я вырашыла ўдзельнічаць у конкурсе спантанна. Гэта не конкурс прыгажосці, як звычайна лічаць у нас. Гэты конкурс – магчымасць разбурыць стэрэатыпы ў дачыненні да дзяўчын на вазках. Самі ўдзельніцы могуць паверыць у сябе, набрацца сілаў на развіццё, зразумець, што яны нічым не саступаюць звычайным дзяўчынкам.

Калі я зрабіла пост у Facebook, што стала фіналісткаю і еду ў Варшаву, шмат хто пачаў адгукацца і дапамагаць. Стварылася цэлая каманда. Праект МОСТ дапамог мне з фінансаваннем паездкі. Я адчула сілу, зразумела, што я не адна і людзі дапамогуць.

Пасля конкурсу я атрымліваю шмат увагі ад СМІ, розных арганізацый. Але калі хочаш, каб нешта змянілася ў жыцці, то ў першую чаргу ўсё залежыць ад цябе, ад накірунку, у якім ты рухаешся. Я імкнуся, каб маё жыццё змянялася ў станоўчы бок кожны дзень.

Заўсёды перамагайце свае страхі.

З-за страху мы можам не зрабіць шмат рэчаў, адпаведна, мы можам не даведацца, што магло б атрымацца. Заўсёды ёсць магчымасць паспрабаваць нанова, праверыць свае сілы.